Торф

Article on other languages:

ТОРФ, гаручы карысны выкапень. Утвараецца ў працэсе натуральнага адмірання і няпоўнага распаду раслін ва ўмовах недахопу кіслароду і залішняга ўвільгатнення.

Колер торфу ад жоўта-бурага да чорнага. Хімічны склад вызначаецца ўмовамі генезісу, асаблівасцямі раслін-торфаўтваральнікаў і ступенню іх распаду. Яго элементарны склад (на арганічную масу): вуглярод 50-60%, вадарод 5-6%, кісларод 26-45%, азот 0,9-3,6%, сера 0,1-5,9%. Пры натуральным заляганні вільгатаўтрыманне складае 88-96%. У сухім стане мае малую шчыльнасць - да 300 кг/м³.

На Беларусі вядомы шматлікія паклады торфу з захаванымі геалагічнымі запасамі 4,3 млрд. т. Узрост 4-12 тыс. гадоў (трапляецца і торф больш старажытных эпох).

Торф выкарыстоўваецца як паліва, для вытворчасці арганічных і арганамінеральных угнаенняў, біястымулятараў, кармавых дражджэй, фільтраў, сарбентаў, фарбавальнікаў драўніны, тарфянога воску, лекавых сродкаў, прадуктаў бытавой хіміі і інш. Значная плошча тарфяных радовішчаў асушана і выкарыстоўваецца ў якасці меліяраваных глебаў.

Гл. таксама: Тарфяна-балотныя глебы

This article is from Wikipedia. All text is available under the terms of the GNU Free Documentation License.