Ружанскі палац

Article on other languages:

Сучасны выгляд

Ружанскі палац - з'яўляецца адным з буйнейшых палацавых комплексаў Беларусі XVII-XVIII стст., уласнасць i рэзідэнцыя князёў Сапегаў. Пабудаваны ў 17841786 гг. ў пераходным стылі ад барока да класіцызму архітэктарам Я. С. Бекерам на аснове муроў папярэдняга палаца пачатку XVII ст. Зруйнаваны падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Змест

Гісторыя

Росквіт

Першапачаткова палац меў абарончы характар - двухпавярховы крыжападобны ў плане мураваны аб'ём дапаўнялі тры чатырохгранныя вежы. У цэнтральнай частцы палаца знаходзіліся парадная зала і вестыбюль з двухбаковай лесвіцай, у бакавых частках - жылыя пакоі, кабінет, бібліятэка. Анфілада памяшканняў на першым паверсе пакрывалася скляпеністымі, а на друтім - бэлечнымі перакрыццямі. Пад будынкам у вялізных скляпеністых падвалах захоўваліся арсенал, архіў, харчаванне.

У 1784-1788 гг. прыдворны архітэктар Сапегаў Ян Самуэль Бекер перабудоўвае старажытны палац-замак. Адначасова дойлід узводзіць у нізіне перад палацам парафіяльны касцёл і кляштар базыльян, а таксама могілкавую капліцу і заезны двор. За сваю таленавітую творчасць Бекер атрымаў ад Сапегаў пажыццёвую пенсію ў 2160 злотых. Дзве вежы старажытнага палаца былі разабраны, а заходняя ўключана ў агульны аб'ём новага будынка, які стаў сіметрычным па кампазіцыі. Галоўны корпус набыў выгляд кампактнага двухпавярховага простакутнага ў плане будынка пад высокім мансардавым «французскім» дахам. Галоўны фасад у трынаццаць вокнаў у цэнтральнай частцы вылучаўся ўзнятым на другі паверх прысценным порцікам з двух пар калон і пілястр, завершанных высокім трохкутным франтонам, запоўненых скульптурным барэльефам і ўвянчаным па вуглах гратэскнай скульптурай. На тыльным фасадзе порціку адпавядала шырокая дзесяцікалонная тэраса, на якую выходзілі вокны-дзверы бальнай залы. Высокія, у барочна-ракайльным прафілявяным абрамленні вокны верхняга паверха сведчаць аб яго парадным прызначэнні.



Я. Бекер праектуе і рэгулярны праменісты парк з каналамі, вадаёмамі, стрыжанымі шпалерамі. Парк спыняў паралельны палацу вадаём на рацэ Зяльвянцы. Перспектыва кожнай са стрыжаных ліпавых алей замыкалася павільёнам. Да пейзажнай зоны далучаўся звярынец у выглядзе прабітага прасекамі ляснога масіва. З прыстасаваннем палаца пад фабрыку да 1834 г. парк фактычна перастаў існаваць.

Заняпад

Войны з Расіяй, Швецыяй моцна пашкодзілі палацу, аднак багатыя спадчыннікі за некалькі дзесяцігоддзяў 18 стагоддзя абнавілі палац. У 1784 годзе канцлер Вялікага княства літоўскага Аляксандр Сапега ўжо прымаў у ім прыбылага на Гродзенскі сойм караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Аднак у 1786 годзе па іроніі лёсу манументальны палацавы ансамбль пераабсталюецца пад суконную фабрыку. Аляксандр Сапега пад уплывам факту падзелу Рэчы Паспалітай аддаў палац у арэнду яўрэйскаму прадпрымальніку Пінасу. Праз 30 гадоў мануфактура прыйшла ў заняпад.

Палацавы комплекс згарэў у 1914 годзе, часткова рэстаўраваны ў 1930 г., у 1944 г. разбураны канчаткова. Захаваліся толькі астаткі асноўных будынкаў (галоўнага і ўсходняга карпусоў), аркады, уязная арка і флігелі па яе бакам.



Літ.:

СТРАЧАНАЯ СПАДЧЫНА/ Мн.:Беларусь,2003г.

Спасылкі

Здымкі палаца на Radzima.org

This article is from Wikipedia. All text is available under the terms of the GNU Free Documentation License.