Планета Сатурн

Article on other languages:

Сатурн, здымак КА "Касіні" (27.3.2004; натуральныя колеры).

САТУРН, планета ў Сонечнай сістэме, газавы гігант, 6-я планета паводле адлегласці ад Сонца.

Назва паходзіць ад імя бога земляробства ў старажытна-рымскай міфалогіі.

Дыяметр: ~120600[1] км (9,4 зямных). Маса: 95,16 зямных. Перыяд вярчэння: 10 гадз. 30 мін.[2] Арбітальны перыяд: 29,46 г. Адлегласць ад Сонца: 9,539 а.а.

Астранамічны знак Сатурна

У цэлым, планета складаецца з вадароду на ~70%, рэшта гелій, і цяжэйшыя элементы: жалеза, крэмній, вуглярод, азот, кісларод. Відавочна, планета мае досыць вялікае ядро з жалеза, вугляроду, інш. цяжкіх элементаў, акружанае мантыяй і атмасферай з газавіднага вадароду (90%) і гелію (10%), з дадаткам іншых газаў. Сярэдняя тэмпература паверхні[3] -140°C.

Сатурн вядомы ад старажытнасці. У пач. 1600-х Галілей назіраў колцы Сатурна, але не здолеў зразумець убачанага, і палічыў планету "патройнай". Тлумачэнне назіранням Галілея было дадзена праз 40 гадоў Х. Гюйгенсам. Дж. Д. Касіні адкрыў прагал між колцамі[4] (1675) і прапанаваў правільнае тлумачэнне ўтварэння колцаў з малых часцінаў.

Сістэма Сатурна

У плоскасці экватара абарочваюцца шырокія колцы Сатурна.

Колькасць і склад спадарожнікаў Сатурна ўвесь час удакладняюцца. Налічваецца 31 спадарожнік[5].

Гл. таксама: Тытан, спадарожнік Сатурна.

Адметнасці

Сатурн гэта другое па велічыні нябеснае цела Сонечнай сістэмы, не лічачы Сонца.

На паверхні атмасферы Сатурна бачныя папярочныя каляровыя палосы, якія з'яўляюцца вынікамі магутных цыркулярных ветраў (хуткасці да 1000-1700 км/г[6]).

Галоўным чынам Сатурн вядомы за свае колцы. Вонкавы дыяметр часткі, бачнай з Зямлі, складае каля 270 тыс. км., таўшчыня каля 15 км. Раней адрознівалі тры "галоўныя" колцы, два вонкавыя з якіх падзяляюцца "пустой" паласой, г.зв. шчылінай Касіні, якая ўтрымлівае параўнальна мала матэрыялу колцаў. Сярэдняе "галоўнае" колца найярчэйшае, а ўнутранае вельмі слабое. Пазней былі ўведзены далейшыя дзяленні колцаў на вузейшыя колцы. Адно з вонкавых колцаў мае рэдкі, блакітны колер (гл. таксама Уран (планета)#Адметнасці).

Гл. таксама: КА "Піянер", КА "Вояджэр", КА "Касіні".



  1. Дадзеныя 1999 г.
  2. Дадзеныя 1999 г.
  3. На ўзроўні з ціскам, роўным 1 атм.
  4. Шчыліна Касіні, гл. #Адметнасці.
  5. Дадзеныя 2006 г.
  6. Мяняюцца на працягу дзесяцігоддзяў.

This article is from Wikipedia. All text is available under the terms of the GNU Free Documentation License.