|
Article on other languages:
|
МО́ВА, натуральная знакавая сістэма, галоўны сродак камунікацыі і мыслення ў чалавечай супольнасці, калектыве. Пры разглядзе мыслення як аўтакамунікацыі (зносін індывіда з ім самім) мова вызначаецца як сродак камунікацыі ў найшырэйшым сацыяльным сэнсе. Мова не існуе без грамадства, і грамадства не існуе без мовы. Мова выконвае дзве галоўныя функцыі: камунікацыйную і намінацыйную. Камунікацыйная функцыя робіць магчымымі калектыўную працу і афармленне калектыўнага досведу, абмен інфармацыяй між людзьмі ў грамадстве. Намінацыйная функцыя стварае магчымасць афармлення паняццяў праз моўныя адзінкі, атрымання інфармацыі праз навакольную рэчаіснасць. Структурна мова з'яўляецца сістэмай моўных адзінак і правіл іх спалучэння. Таксама адрозніваюць моўныя элементы, якія маюць уласнае значэнне (лексемы і марфемы), і элементы, якія такога значэння не маюць (фанемы). Заканамернасці паходжання і існавання моўнай сістэмы наогул і асобных этнічных моўных сістэм вывучаюцца мовазнаўствам. Гл. таксама: Літаратурная мова, Штучная мова, Мовазнаўства. Крыніцы
|
This article is from Wikipedia. All text is available under the terms of the GNU Free Documentation License.